2022 г. — 295 гадоў з часу першага ўспаміну Свята-Мікалаеўскай царквы ў в. Вялікія Сяхновічы (Жабінкаўскі р-н; 1727), помніка драўлянага дойлідства
Храм свяціцеля Мікалая Цудатворца размешчаны ў цэнтры в. Вялікія Сяхновічы Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Першае дакументальнае пасведчанне аб існаванні Свята-Мікалаеўскай царквы ў сяле Сяхновічы адносіцца да снежня 1727 г., калі згадваецца фундуш (ахвяраванне) для абнаўлення старой царквы ад пісара гарадскога брэсцкага суда Брэсцкага ваяводы Паўла Касцюшкі-Сяхнавіцкага і яго жонкі Цэцыліі. З фундушнага запісу вядома, што першая царква была ўзведзена продкамі Паўла Касцюшкі ў радавым маёнтку Сяхновічы, будавалася як уніяцкая і па каталіцкіх канонах, з часам прыйшла ў поўнае запусценне і пачала разбурацца.
3 мая 2022 г. — 155 гадоў з часу закладкі царквы свяціцеля Мікалая Цудатворца ў аг. Азяты Жабінкаўскага раёна (1867), помніка драўлянай архітэктуры неарускага стылю
Вытокі праваслаўнага храма ў аг. Азяты Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці звязаныя з берасцейскім родам Гайкаў, якія з’яўляліся ўладарамі маёнтка Азяты. Датай узвядзення царквыў паселішчы лічыцца канец ХV ст., а яе заснавальнікам — Мікалай Фёдаравіч Гайка, які дараваў першы фундуш на храм і назваў царкву ў гонар свайго нябеснага заступніка — свяціцеля Мікалая Цудатворца.
2021 г. — 40 гадоў з часу выяўлення святой крыніцы ля в. Вяжное Пружанскага раёна (1981), помніка прыроды
Побач з вёскай Вяжное Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці працякала невялічкая рачулка Кубанька. Была яна такая вузенькая, што мясцовыя жыхары жартам называлі яе Пераплюйкай. Але прыйшоў час і па рэчышчы Кубанькі вырашылі пракласці меліярацыйны канал. Калі пракладвалі яго ў 1981 г., у адным з месцаў з-пад каўша экскаватара ўвысь ускінуліся некалькі магутных трохмятровых фантанаў вады. Пасля напор вады аслабеў, а каб засцерагчы гэтую ваду ад іншай, было ўстаноўлена бетоннае кальцо.
2020 г. — 260 гадоў з часу пабудовы Свята-Мікалаеўскай царквы ў в. Мурыны Малыя (1760; Камянецкі р-н), помніка архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю
Радасцкая Свята-Мікалаеўская царква пры вёсцы Мурыны Малыя Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці пабудавана ў 1760 г. Паводле гістарычных звестак, першы храм на гэтым месцы быў узведзены ў 1536 г., у 1639 г. царкве была ахвяравана зямля.